КАДЫФІКА́ЦЫЯ ЮСТЫНІЯ́НА,
сістэматычны выклад візантыйскага права 6 ст., зроблены па загадзе імператара Юстыніяна. Вядома як Звод цывільнага права — Corpus juris civilis; упершыню надрукавана пад такой назвай у 1583. Мэта К.Ю. — замацаваць фактычна неабмежаваную імператарскую ўладу і захаваць рабаўладальніцкі лад. Кадыфікацыя вялася ў 529—534 камісіяй на чале з юрыстам Трыбаніянам. Складаецца з трох частак: Інстытуцый, Дыгестаў і Кодэкса Юстыніяна. Дадаткі і змены, унесеныя ў 535—565 імператарскімі канстытуцыямі, атрымалі назву навел, якія даюць тлумачэнні выяўленым недакладнасцям, дапаўняюць або змяняюць дзеючае права. Заканадаўства Юстыніяна дзейнічала на працягу ўсяго існавання Візантыі, паслужыла крыніцай вывучэння рымскага права і запазычанняў з яго ў эпоху феадалізму і капіталізму.
т. 7, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)